АБГРУНТАВАННЕ

Якасць адукацыі не можа быць лепшай за якасць яе настаўнікаў – такую выснову зрабіла Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD), якая праводзіць самае аўтарытэтнае даследаванне якасці адукацыі ў свеце PISA (Programme for International Student Assessment, Праграма міжнароднай ацэнкі ведаў вучняў). Найлепшыя вынікі паказалі краіны, якія зрабілі стаўку на павышэнне прафесіяналізму настаўнікаў, якія паслядоўна паляпшаюць якасць выкладчыцкага складу. Таксама вынікі PISA паказваюць, што супрацоўніцтва паміж школамі і настаўнікамі, спрыяльная адукацыйная атмасфера і добрыя ўзаемадачыненні паміж настаўнікамі і вучнямі з’яўляюцца больш эфектыўнымі для павышэння дасягненняў вучняў, чым рыначныя механізмы.

IДЭЯ

Ідэя (не)канферэнцыі ED-Camp – сабраць разам і стварыць творчую атмасферу для разумных настаўнікаў-аднадумцаў з ідэямі, як палепшыць адукацыю. Менавіта у такім асяроддзі абмену досведам і ўзаеманатхнення ўзнікае сінэргiчны эфект, калі 2+2=10. Гэты эфект дазваляе арганізаваць супрацоўніцтва і значна пашырыць генерацыю новага настаўніцтва, якое не кіруецца старымі стэрэатыпамі навучання, а робіць школу сучаснай, якаснай і канкурэнтаздольнай.

Мэта (не)канферэнцыі ED-Camp у Беларусі: стварыць нефармальную творчую пляцоўку для інтэрактыўных зносінаў найлепшых настаўнікаў Беларусі для абмену ідэямі, досведам, узаеманавучання, узаеманатхнення і планавання новых дзеянняў для паляпшэння адукацыі.

IДЭЯ

У Беларусі сістэма адукацыі амаль не рэфармавалася з савецкіх часоў. У грамадстве з дапамогай СМІ падтрымліваюцца стэрэатыпы пра якасць савецкай мадэлі адукацыі і перавагі Беларусі, якая не дала разбурыць гэтую сістэму. Крытычным элементам, які запавольвае прагрэс у адукацыі, з’яўляецца неэфектыўная сістэма прафесійнага развіцця школьных педагогаў.

Аднак, ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, немагчыма быць ізаляваным ад свету і тэндэнцый, якія адбываюцца. У дадатак, рынак працы патрабуе ад выпускнікоў навучальных установаў іншых якасцей і ведаў, якіх не можа даць састарэлая сістэма адукацыі. Настаўнікі вымушаны адпавядаць патрабаванням часу, яны маюць патрэбу у развіцці і прафесійнай самарэалізацыі.

Таму у Беларусі склалася унікальная і даволі спрыяльная для адукацыйных пераменаў сітуацыя, калі настаўнікі не спадзяюцца на загады і дапамогу зверху, а самастойна спрабуюць мяняць сістэму адукацыі да лепшага. РЭФОРМА АДУКАЦЫІ ІДЗЕ ЗНІЗУ – яе ініцыятары самі настаўнікі, якім дапамагаюць бацькі, грамадскія арганізацыі і, часам, бізнэс-структуры.

Міжнародны досвед паказвае, што краіны, дзе інавацыі ў адукацыю прыходзілі знізу, ад ініцыятыўных настаўнікаў, грамадскіх арганізацый, дзе прафесійная перападрыхтоўка ішла па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, дасягнулі нашмат большых вынікаў, чым краіны, у якіх прасоўваннем інаваацый і зменамі кіравалі адукацыйныя ўлады. Прыкладам, адукацыйныя дасягненні Славакіі і Чэхіі, дзе міністэрствы адукацыі спрабуюць кіраваць працэсам павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, патрабуючы ад грамадскіх структур мець ліцэнзіі і сертыфікаты, спрабуюць манапалізаваць сістэму падрыхтоўкі настаўнікаў, маюць нашмат горшыя паказчыкі ў рэйтынгу PISA, чым Польшча і Эстонія, якія не імкнуцца кіраваць інавацыйнымі працэсамі зверху, аддаўшы іх у рукі адукатараў-энтузіястаў і грамадскіх структур.

Беларускія настаўнікі не спадзяюцца на міністэрства адукацыі, самастойна асвойваюць новыя найбольш эфектыўныыя тэхналогіі навучання, пашыраюць іх сярод калег. Гэта і ёсць прызнак будавання грамадзянскай супольнасці, прынамсі ў галіне адукацыі.

Найбольш значныя дасягненні грамадскай дзейнасці педагогаў у галіне метадычнай адукацыі, у прыватнасці ва укараненні новых метадаў навучання, заснаваных на дэмакратычных прынцыпах:

1)         Тэхналогія актыўнай ацэнкі (formative assessment) – па выніках даследаванняў прызнана найлепшай методыкай у свеце для павышэння навучальных дасягненняў вучняў. Укараняецца настаўнікамі ў школах з 2009 года. За гэты час:

–           Праведзена 4 паўгадавых дыстанцыйных курсы, на якіх больш вопытныя настаўнікі навучаюць навічкоў, дапамагаюць ім у якасці ментараў укараніць тэхналогію у сваіх школах.

Праз дыстанцыйнае навучанне прайшло каля 300 чалавек, якія у сваю чаргу правялі навучанне ў сваіх школах для 3000 настаўнікаў. Грамадскі праект мае вялікі розглас і конкурс на навучанне на курсах – большы за 3 чалавекі на месца.

–           Настаўнікі, якія апрабавалі методыку ў сваіх школах, напісалі некалькі метадычных дапаможнікаў для калег, у тым ліку “Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт беларускіх настаўнікаў”. Дапаможнік мае каля 150 аўтараў – настаўнікаў-практыкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і з’яўляецца унікальнай з’явай на ўсёй постсавецкай прасторай. Распаўсюджваецца бясплатна.

–           У школах працуюць 10 інавацыйных пляцовак па тэхналогіі актыўнай ацэнкі, якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі.

–           На грамадскіх пачаткаx вядзецца тэматычны сайт www.aacenka.by.

–           Штогод па ініцыятыве настаўнікаў адбываюцца дзясяткі семінараў і майстар-класаў.

2)         Медыяадукацыя. Праграма вядзецца з 2013 г. Мэта медыядукацыі – фармаванне медыйных і інфармацыйных кампетэнцый маладога пакалення: г зн. валоданне ведамі, уменнямі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі, якія дазваляюць грамадзянам эфектыўна і адказна ўзаемадзейнічаць з медыя і іншымі інфармацыйнымі службамі, развіваць крытычнае мысленне, уменні супрацьстаяць маніпуляцыям СМІ, засвойваць навыкі навучання на працягу ўсяго жыцця для дачыненняў і рэалізацыі актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

На дадзены час у школах Беларусі працуюць 27 інавацыйных пляцовак па тэме.