Сітуацыя ў адукацыі

У Беларусі сістэма адукацыі амаль не рэфармавалася з савецкіх часоў. У грамадстве з дапамогай СМІ падтрымліваюцца стэрэатыпы пра якасць савецкай мадэлі адукацыі і перавагі Беларусі, якая не дала разбурыць гэтую сістэму. Крытычным элементам, які запавольвае прагрэс у адукацыі, з’яўляецца неэфектыўная сістэма прафесійнага развіцця школьных педагогаў.

Аднак, ва ўмовах інфармацыйнага грамадства, немагчыма быць ізаляваным ад свету і тэндэнцый, якія адбываюцца. У дадатак, рынак працы патрабуе ад выпускнікоў навучальных установаў іншых якасцей і ведаў, якіх не можа даць састарэлая сістэма адукацыі. Настаўнікі вымушаны адпавядаць патрабаванням часу, яны маюць патрэбу у развіцці і прафесійнай самарэалізацыі.

Таму у Беларусі склалася унікальная і даволі спрыяльная для адукацыйных пераменаў сітуацыя, калі настаўнікі не спадзяюцца на загады і дапамогу зверху, а самастойна спрабуюць мяняць сістэму адукацыі да лепшага. РЭФОРМА АДУКАЦЫІ ІДЗЕ ЗНІЗУ – яе ініцыятары самі настаўнікі, якім дапамагаюць бацькі, грамадскія арганізацыі і, часам, бізнэс-структуры.

Міжнародны досвед паказвае, што краіны, дзе інавацыі ў адукацыю прыходзілі знізу, ад ініцыятыўных настаўнікаў, грамадскіх арганізацый, дзе прафесійная перападрыхтоўка ішла па прынцыпе “роўны вучыць роўнага”, дасягнулі нашмат большых вынікаў, чым краіны, у якіх прасоўваннем інаваацый і зменамі кіравалі адукацыйныя ўлады. Прыкладам, адукацыйныя дасягненні Славакіі і Чэхіі, дзе міністэрствы адукацыі спрабуюць кіраваць працэсам павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, патрабуючы ад грамадскіх структур мець ліцэнзіі і сертыфікаты, спрабуюць манапалізаваць сістэму падрыхтоўкі настаўнікаў, маюць нашмат горшыя паказчыкі ў рэйтынгу PISA, чым Польшча і Эстонія, якія не імкнуцца кіраваць інавацыйнымі працэсамі зверху, аддаўшы іх у рукі адукатараў-энтузіястаў і грамадскіх структур.

Беларускія настаўнікі не спадзяюцца на міністэрства адукацыі, самастойна асвойваюць новыя найбольш эфектыўныыя тэхналогіі навучання, пашыраюць іх сярод калег. Гэта і ёсць прызнак будавання грамадзянскай супольнасці, прынамсі ў галіне адукацыі.

Найбольш значныя дасягненні грамадскай дзейнасці педагогаў у галіне метадычнай адукацыі, у прыватнасці ва укараненні новых метадаў навучання, заснаваных на дэмакратычных прынцыпах:

1)         Тэхналогія актыўнай ацэнкі (formative assessment) – па выніках даследаванняў прызнана найлепшай методыкай у свеце для павышэння навучальных дасягненняў вучняў. Укараняецца настаўнікамі ў школах з 2009 года. За гэты час:

–           Праведзена 4 паўгадавых дыстанцыйных курсы, на якіх больш вопытныя настаўнікі навучаюць навічкоў, дапамагаюць ім у якасці ментараў укараніць тэхналогію у сваіх школах.

Праз дыстанцыйнае навучанне прайшло каля 300 чалавек, якія у сваю чаргу правялі навучанне ў сваіх школах для 3000 настаўнікаў. Грамадскі праект мае вялікі розглас і конкурс на навучанне на курсах – большы за 3 чалавекі на месца.

–           Настаўнікі, якія апрабавалі методыку ў сваіх школах, напісалі некалькі метадычных дапаможнікаў для калег, у тым ліку “Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт беларускіх настаўнікаў”. Дапаможнік мае каля 150 аўтараў – настаўнікаў-практыкаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і з’яўляецца унікальнай з’явай на ўсёй постсавецкай прасторай. Распаўсюджваецца бясплатна.

–           У школах працуюць 10 інавацыйных пляцовак па тэхналогіі актыўнай ацэнкі, якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі.

–           На грамадскіх пачаткаx вядзецца тэматычны сайт www.aacenka.by.

–           Штогод па ініцыятыве настаўнікаў адбываюцца дзясяткі семінараў і майстар-класаў.

2)         Медыяадукацыя. Праграма вядзецца з 2013 г. Мэта медыядукацыі – фармаванне медыйных і інфармацыйных кампетэнцый маладога пакалення: г зн. валоданне ведамі, уменнямі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі, якія дазваляюць грамадзянам эфектыўна і адказна ўзаемадзейнічаць з медыя і іншымі інфармацыйнымі службамі, развіваць крытычнае мысленне, уменні супрацьстаяць маніпуляцыям СМІ, засвойваць навыкі навучання на працягу ўсяго жыцця для дачыненняў і рэалізацыі актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

На дадзены час у школах Беларусі працуюць 27 інавацыйных пляцовак па тэме.