Што такое Эдкэмп

Непадобна да традыцыйных канферэнцый, дзе арганізатары складаюць праграму і ўдзельнікам не застаецца выбару, як прытрымлівацца яе, Эдкэмп (ад ангельскага EdCamp) дазваляе самім удзельнікам прапаноўваць і выбіраць тэмы. Арганізатары ладзяць шэраг дыскусій і майстаркласаў ад беларускіх і замежных экспертаў, але большасць зместу мерапрыемства прапануюць і вызначаюць самі ўдзельнікі, галасуючы за найбольш упадабаныя тэмы з прапанаваных калегамі.

Першая канферэнцыя для настаўнiкаў у фармаце EdCamp была праведзеная ў 2010 годзе ў ЗША. У 2017-ым годзе мы зрабілі Беларусь 26-ай краінай свету, на якую пашырылася эдкэмп-супольнасць.

Падчас першага беларускага Эдкэмпа ў 2017-ым годзе ўдзельнікі прапанавалі амаль 20 сваіх тэмаў. А далей галасаванне вызначыла самыя запатрабаваныя. Самай папулярнай стала тэма Веранікі Бебех, настаўніцы англійскай мовы з СШ №4 г. Салігорска “Выкарыстанне мабільных тэлефонаў на занятках”. Іншыя прэзентацыі, звязаныя з новымі тэхналогіямі і мультымедыя, таксама апынуліся ў топе.

Асноўная тэма Эдкэмпа-2018 — кампетэнцыі XXI стагоддзя. Мерапрыемства пачнецца з панэльнай дыскусіі з удзелам прадстаўнікоў паспяховых беларускіх кампаній і майстаркласаў ад экспертаў на тэму развіцця важных на сучасным рынку працы кампетэнцый. Дэталёвая праграма Эдкэма-2018 даступная тут.

Якасць адукацыі не можа быць лепшай за якасць яе настаўнікаў. Такую выснову зрабіла Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця на падставе аўтарытэтнага даследавання якасці адукацыі ў свеце PISA (Programme for International Student Assessment, Праграма міжнароднай ацэнкі ведаў вучняў). Найлепшыя вынікі паказалі краіны, якія зрабілі стаўку на павышэнне прафесіяналізму настаўнікаў. Навукоўцы таксама засведчылі, што супрацоўніцтва паміж школамі і настаўнікамі, спрыяльная адукацыйная атмасфера і добрыя дачыненні паміж настаўнікамі і вучнямі з’яўляюцца эфектыўнейшымі для павышэння дасягненняў вучняў за рынкавыя механізмы.

Бяручы пад увагу гэтыя высновы, беларускія эдкэмпы скіраваныя на стварэнне нефармальнай творчай пляцоўкі ініцыятыўных настаўнікаў Беларусі для абмену ідэямі, досведам, дзеля ўзаеманатхнення і пашырэння лепшых адукацыйных практык ва ўсе школьныя класы краіны.