Украінскі EdCamp. Вучымся і вучым.

Артыкул Тамары Мацкевіч (Таварыства беларускай школы) пра ўдзел ва ўкраінскім эдкэмпе – 2018.

Ва Украіне ідзе рэформа адукацыі. Яны цалкам памянялі адукацыйнае заканадаўства, зрабілі яго адным з самых дасканалых у Еўропе, напісалі канцэпцыю “Новай украінскай школы”. Украінцам цяпер дапамагаюць спецыялісты з Фінляндыі, Польшчы, Даніі, Эстоніі, ЗША ды іншых краінаў. Аднак гэтая рэформа ідзе “зверху”, ад кіраўніцтва краіны. Яна будзе мець поспех, толькі калі яе ўспрымуць настаўнікі і пачнуць мяняцца самі і мяняць школу.

У Беларусі іншая сітуацыя. У нас рэформа ідзе “знізу”. Наш досвед укаранення сучасных навучальных тэхналогій, якія і дазваляюць фармаваць тыя ж ключавыя кампетэнцыі  XXI стагоддзя, ідзе ад настаўнікаў-энтузіястаў, і мае вынікі. Украінцы сёння ведаюць ШТО трэба рабіць – гэта ў іх прапісана ў законе, але не заўсёды ведаюць ЯК, а беларусы на працягу дзевяці апошніх гадоў гэта робяць. Мы распрацавалі сваё ўласнае ноў-хаў гэтых зменаў. Пакрокавае выкарыстанне нашых рэкамендацый дае добры адукацыйны эфект. І хай пакуль нашы змены трымаюцца на энтузіястах і не дайшлі да вярхоў, але беларускія настаўнікі-практыкі павінны ведаць, што іх праца – не марная, і яны рухаюцца ў правільным кірунку і маюць перспектыву.

Украінскі EdCamp  праходзіць пад дэвізам “Будуем супольнасць адказных настаўнікаў!”  Яны сваіх удзельнікаў называюць агентамі пераменаў, або белымі варонамі. Чацвёрты нацыянальны EdCamp нават распачаўся з дэманстрацыі клі кліпа, дзе белыя вароны спяваюць песню “Черный ворон, я не твой”.

Сёлета ў Харкаў прыехала больш за 1000 настаўнікаў і экспертаў з розных краін, каб сабраць ідэі і накіраваць рэформу адукацыі ў правільны бок. На EdCamp у Харкаў завітала і міністр адукацыі Украіны Лілія Грыневіч. Яна цэлы дзень знаходзілася сярод настаўнікаў, абмяркоўвала праблемы, адказвала на пытанні. Вядома ж, любая рэформа распачынаецца з перападрыхтоўкі кадраў. За гэтае лета трэнінгі і курсы дыстанцыйнага навучання прайшло больш за 20 тысяч настаўнікаў-пачаткоўцаў. Менавіта яны у 2018/19 навучальным годзе набяруць першы клас, які будзе вучыцца па новых праграмах.

Лілія Грыневіч, міністр адукацыі і навукі Украіны

Лілія Грыневіч у сваім выступе распавяла пра змены ў сістэме павышэння кваліфікацыі педагогаў. Цяпер настаўнікі будуць мець не па 90, а па 180 гадзін павышэння кваліфікацыі, прычым усе гэтыя гадзіны будуць настаўніку аплочаныя як вучэбныя. Настаўнікі самі будуць выбіраць, у якой арганізацыі, у якіх выкладчыкаў праходзіць курс, могуць выбраць дыстанцыйны без адрыву ад школы. Грошы пойдуць за настаўнікам у тую арганізацыю, якую яны абяруць, нават калі гэта будзе недзяржаўная арганізацыя. Каб у нас было такое ж заканадаўства, то настаўнікі, якія вучацца на дыстанцыйных курсах ТБШ, атрымалі б дадатковую аплату ад дзяржавы за 90 вучэбных гадзін.

Нашая тэма “Актыўная ацэнка – тэхналогія, без якой немагчыма рэформа адукацыі” сабрала ў Харкаве поўную аўдыторыю і была запатрабаваная не менш, чым досвед фінаў, ізраіліцян, немцаў ці эстонцаў. А ключом да сэрцаў украінцаў была беларуская мова. Яна зразумелая нашым суседзям і ўспрымаецца імі як родная.

Беларускі майстар-клас падчас ЕdCamp Ukraine / Харкаў, 3.07.2018.

Украінцам можна пазайздросціць не толькі з рэформай, якой яны нарэшце дачакаліся, але і з фінансавымі ўмовамі. Па-першае, ва Украіне на адукацыю ідзе больш за 7 %  унутранага валавага прадукту, а ў Беларусі толькі 2,5 %. Украінскія настаўнікі маюць болей свабоды, не толькі ў плане выбару падручнікаў, якіх процьма, але і эканамічнай свабоды. Украінскі эдкэмп меў больш за 80 спонсараў: гэта бізнес-структуры, выдавецтвы, ААН, замежныя фонды і нават першая ледзі Украіны. На шматлікіх сесіях прэзентавалі не толькі ідэі, але і навучальныя прадукты: праграмы, камп’ютарнае абсталяванне для навучання. Настаўнікі сядзелі з калькулятарамі і прыкідвалі, што лепш набыць для сваёй школы. У нас бюджэт школ непразрысты, таму пра такое нават і гаворкі няма.

Бізнес Украіны дапамагае адукацыі, а адукацыя бізнесу. Прыкладам, настаўнікі маюць магчымасць паўдзельнічаць у конкурсе і атрымаць фінансаванне на правядзенне рэгіянальнага эдкэмпу. Такіх адбылося ўжо 46. Сёлета праз конкурс адабралі і школу з матываваным педагагічным калектывам, дзе ў якасці эксперыменту паспрабавалі ўкараніць фінскую мадэль адукацыі. Да іх прыехалі фінскія настаўнікі і нейкі перыяд вучылі дзяцей па сваіх методыках. Украінскія настаўнікі маглі назіраць, удзельнічаць у працэсе, фіксаваць рэакцыю дзяцей. Калі фіны з’ехалі, паспрабавалі далей працаваць з тым, што ім спадабалася.

Фінскія эксперты Эса Сінівуоры і Кайсу Хелмінен цікавяцца у Тамары Мацкевіч, што адбываецца ў школах Беларусі . Размова пра тое, якія крокі можна рабіць, каб наша школа была не горш за фінскую.

Украінцы змагаюцца з паказухай, якая пакуль цяжка выкараняецца, і гэта была заўважна нават падчас эдкэмпу. Не падабаецца ўкраінцам засілле конкурсаў-алімпіяд.  У сацсетках вядзецца змаганне за тое, каб рэлігію зусім прыбраць са школы. Інакш ёсць рызыка замест  патрыятызму і навуковай карціны свету індактрынаваць “скрэпы” і адкінуць школу ў пазамінулае стагоддзе. Настаўнікі адкрыта крытыкуюць і спадчыну “саўка”:  савецкую мадэль камандна-адміністратыўнага кіравання, бюракратычны прэсінг і несвабоду ва ўсім.  Усё гэта моцна перашкаджае рэформе.

Крытычнае мысленне і навыкі XXI стагоддзя – прыярытэт украінскай школы. Выдавецтвы  выставілі свае навінкі: настаўнік мае магчымасць выбару навучальных дапаможнікаў, а канкурэнцыя спрыяе падвышэнню іх якасці. 

Усяго падчас эдкэму адбылося 190 сесій, якія ішлі адначасова ў 21 памяшканні.  Усе сесіі запісваліся на відэа і цяпер іх могуць праглядзець усе, каго цікавіць адукацыя.

Падчас Эдкэмпу даследаваліся каштоўнасці украінскіх настаўнікаў. У першую тройку увайшлі Жыццё, Любоў і Свабода. 

Сацыялагічныя службы робяць даследаванні стану адукацыі: не паспелі яны агучць лічбу, што толькі 7% настаўнікаў задаволеныя падручнікамі, як каманда EdCamp Ukraine правяла экспертызу больш за 300 падручнікаў, выдавецтвы (камерцыйныя структуры) пазбіралі аўтарскія калектывы і стварылі новыя падручнікі. Праграмісты напісалі абалонкі, каб гэтыя падручнікі зрабіць інтэрактыўнымі.  Мае калегі з Акадэміі ўкраінскай прэсы на эдкэмп наогул не прыехалі – яны ўсё лета працуюць у камандзе над новым адукацыйным стандартам, дапамагаюць свайму міністэрству. Украінцы не чакаюць, што хтосьці звонку вырашыць іх праблемы.

Ад іх я пачула анекдот:

– Тук-тук.

– Хто там?

– Твой шанец.

– Няпраўда, шанец стукае адзін раз.

Хочацца верыць, што ўкраінцы свой шанец не прапусцяць. І нам будзе лягчэй.

Leave a Comment

Your email address will not be published. Required fields are marked *