Міні-эдкэмп у Століне стаў міжнародным

Міні-эдкэмп у Століне – працяг серыі міні-эдкэмпаў на Беларусі. Ідэя правядзення міні-эдкэмпаў у розных рэгіёнах краіны належыць Анастасіі і Яўгенію Пугач. Узнікла яна пасля правядзення ў кастрычніку гэтага года трэцяй педагагічнай (не)канферэнцыі ў Мінску. Так атрымалася, што не ўсе жадаючыя змаглі прыняць у ёй удзел, таму і было вырашана правесці  міні-эдкэмпы.

Калектыў сярэдняй школы №2 г.Століна на чале з яе дырэктарам Алай Лазіцкай адгукнуўся правесці адзін з міні-эдкэмпаў на базе гэтай установы адукацыі. Ініцыятыву падтрымаў раённы аддзел па адукацыі і раённы вучэбна-метадычны кабінет. І вось 7 снежня Століншчына сустрэла свой першы міні-EdCamp. Мерапрыемства сабрала больш за 50 удзельнікаў, сярод якіх  былі педагогі са Столінскага раёна, Пінскага раёна і настаўнікі з Дубровіцкага раёна (Украіна).

Урачыста сустракаў гасцей узорны ансамбль народнай песні “Весялінка” СШ №2 г. Століна. Міні-канцэрт, які прадставілі настаўнікі і вучні школы, падарыў удзельнікам міні-эдкэмпа самыя станоўчыя эмоцыі. Адкрываючы (не)канферэнцыю, дырэктар СШ №2 г.Століна Ала Лазіцкая распавяла калегам пра асаблівасці правядзення (не)канферэнцыі, агучыла праграму міні-эдкэмпа ў Століне.  Анастасія і Яўгеній Пугач пазнаёмілі прысутных з гісторыяй узнікнення EdCamp, правядзеннем яго ў Беларусі.

Начальнік аддзела па адукацыі Столінскага райвыканкама Аляксандр Вячорка, вітаючы ўдзельнікаў міні-эдкэмпа,  пажадаў кожнаму плённай працы і абмену вопытам, які настаўнікі абавязкова прывязуць у свае школы.

Падчас міні-эдкэмпу адбыліся чатыры настаўніцкія і чатыры экспертныя сесіі.  У якасці экспертаў на другім міні-эдкэмпе выступіла Кацярына Куксо (Мінск-Масква) з сесіяй “Даследаванне ўрока як форма арганізацыі метадычнай работы ў школе”, Іван Пясенка з Бабруйска  правёў сесію “Кіно можа пашкодзіць дзецям (вопыт школьнага кінаклуба)”. Цікавасць  у палескіх настаўнікаў выклікалі  сесіі украінскіх калег. Так, Руслан Рэвук з Дубровіцы пераканаў педагогаў у тым, што робататэхніка – гэта лёгка, а Лідзія Юшкевіч са Сварыцэвіч і Ала Пігаль з Удрыцка арганізавалі для настаўнікаў сапраўдны дзень у Новай украінскай школе.

Не меншай папулярнасцю карысталіся  майстар-класы столінскіх і пінскіх настаўнікаў, якія прапанавалі свае тэмы ў час кірмашу ідэй. Усяго было прапанавана 10 ідэй. Праведзены майстар-класаў. Аднак, па ўмовах (не)канферэнцыі, прадставіць уласныя напрацоўкі змаглі не ўсе жадаючыя: толькі тыя тэмы, якім была аддадзена большая колькасць галасоў, прагучалі ў вялікіх аўдыторыях. Сярод запатрабаваных стаў досвед педагогаў і вучняў СШ №2 г.Століна па стварэнні школьнага тэлебачання “Школьнае тэлебачанне: быць або не быць?” Прычым, вопыт быў прадстаўлены з пункту гледжання дзяцей – удзельнікаў тэлестудыіі JuniorTeamTV (пад кіраўніцтвам Анастсіі Домніч і Кацярыны Савіцкай), якая працуе ва ўстанове адукацыі не першы год. І ў гэты раз, так як і ў час працы EdCamp Belarus-2019 у Мінску, юныя тэлежурналісты пакарылі вынікамі сваёй працы ўдзячных гледачоў. Больш таго, у час мерапрыемства дзеці падрыхтавалі відэасюжэт, які прадставілі ўсім удзельнікам (не)канферэнцыі.

Не менш папулярным аказаўся вопыт настаўніка фізікі і інфарматыкі Беражноўскай СШ Сяргея Цімашука, які распавёў аб сваёй адукацыйнай вандроўцы ў CERN – еўрапейскую арганізацыю па ядзерных даследаваннях. Ён  таксама падзяліўся сакрэтам, як стаць удзельнікам такой адукацыйнай праграмы і атрымаць магчымасць пабываць у гэтай буйнейшай у свеце лабараторыі фізікі высокіх энергій.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі №2 г.Пінска Алена Шумак уразіла вопытам стварэння адукацыйнай прасторы ў звычайным вучэбным кабінеце. Ідэі педагога адносна таго, як яна выкарыстоўвае сцены, столь, падлогу, вокны, гадзіннік, дзверы, вучнёўскія парты і стулы з мэтай  зацікавіць дзяцей чытаннем і вывучэннем літаратуры, атрымоўваючы ад гэтага асалоду, возьмуць удзельнікі  настаўніцкай сесіі. Тым больш, што педагог  заахвоціла кожнага да распрацоўкі новых ідэй па выкарыстанні розных месцаў у кабінеце для стварэння адукацыйнай прасторы.

Асаблівасці STEM-падыходу ў выкладанні біялогіі раскрыла настаўніца біялогіі гімназіі №2 г.Пінска Таццяна Пархамчук. Як адзначылі пазней удзельнікі  гэтай сесіі, пэўныя моманты яны абавязкова выкарыстаюць у сваёй педагагічнай дзейнасці.

– Я нездарма прыйшла сюды падчас першай сесіі і пасадзіла на піяніна гэтую істоту, –  прамовіла Ала Лазіцкая, паказваючы вязаную белую варону. –  Сімвалам эдкэмпу з’яўляецца яблык. Але прадстаўнікі ўсіх краін, якія ў гэтым руху ўдзельнічаюць, лічаць сябе белымі варонамі і збіраюцца разам. І чым больш іх збіраецца на такіх сустрэчах, тым больш камфортна і лепш жывецца, тым больш старанна мы працуем дзеля адукацыі нашых дзяцей. І вельмі прыемна, што сёння тут працавалі нашы калегі з Украіны. Таму гэта белая варона паляціць на Украіну, бо ідэя эдкэмпу на Беларусь прыехала з Украіны.

У час закрыцця (не)канферэнцыі  кожны з удзельнікаў мог падзяліцца ўражаннямі, што настаўнікі ахвотна і рабілі.

– Тут мы атрымалі самыя яркія ўражанні, – падзялілася дырэктар Сварыцэвіцкага НПК Алена Палюховіч. – Вельмі ўдзячныя Але Лазіцкай за запрашэнне на мерапрыемства. Мне прыемна бачыць вас усіх, бачыць, як старанна працуюць людзі. І мы рады запрасіць вас да сябе.

– Заўжды на эдкэмпах прынята гаварыць  пра эфект доўгага хваста, – адзначыла Ала Лазіцкая. – Я ведаю, што ўсё, што сёння адбывалася ці адбываецца звычайна на эдкэмпе, трэба яшчэ пераварыць. Аднак нешта ў нашу практыку абавязкова прыйдзе. Таму ўсё тое,  што адбывалася сёння тут – гэта таксама эфект доўгага хваста.

Удзельнікі міні-эдкэмпа ў Століне выказваюць шчырыя словы падзякі ўсім, хто меў дачыненне да правядзення гэтага мерапрыемства. Асаблівая падзяка арганізатарам ініцыятывы і экспертам, якія знайшлі час і прыехалі на Палессе, каб падзяліцца вопытам, а таксама калектыву СШ №2 г.Століна за стварэнне ўмоў для правядзення (не)канферэнцыі ў гэтай установе адукацыі.

IMG-0ab158154a1854cdb1e3638fd9cec7bf-V
IMG-9a07ba7613d94767467a03a7cddb5809-V
IMG-16f9f565942dd798545b38475a2e820f-V
IMG-25cc00d445ddb2468bcb6bc78b320171-V
IMG-026f5b60c10122a6fa6a288afa62f236-V
IMG-27f6b08ac6f07b15aec5a0873cdc1e85-V
IMG-36ec268176caef9e9950c94241fd8c9b-V
IMG-60a89e400ef53885f66231a93e5a473d-V
IMG-79c69dafd5dd424cff9834c71113012d-V
IMG-88a7af9818eecc8e74c1deb847355302-V
IMG-91cac18e00327c7cac6d08221e34f04d-V
IMG-691ca49cee41b34236147ece8b25f064-V
IMG-11908cf09d803ef7cf8df7ead377f91e-V
IMG-a5e2d407d36cdf93f3c96d635317880c-V
IMG-af442e28a8904069a2315238e56d00bd-V
IMG-b2e7c14c363fae197d24d588b144d899-V
IMG-b86c8fcc26d64a3ee318a6a24705ac4e-V
IMG-c049f0464968e002929db2f91ce6def8-V
IMG-caedca4bfce829dab6c2bff8f65c0532-V
IMG-d405bc0b99daff2f2f43148a30d8ee34-V
IMG-f76d113c87993d3296e36d21c2e21f65-V