«Я ненавідзеў сваіх аднаклясьнікаў лютай нянавісьцю». Як і чаму цкуюць у беларускіх школах?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

60,1% вучняў школ і гімназіяў сутыкаюцца з цкаваньнем (анг. bullying) у школах, — кажа дасьледаваньне UNICEF. Мы сабралі ад нашых чытачоў гісторыі пра школьны перасьлед і папрасілі выказацца экспэртаў.

Гісторыя 1: «У мяне былі гістэрыкі, не хацелася хадзіць у школу»

Раман правучыўся ў адной школе ўсе 11 гадоў.

«У мяне былі гістэрыкі, увогуле не хацелася хадзіць у школу, я ненавідзеў сваіх аднаклясьнікаў лютай нянавісьцю, бо яны пра мяне распускалі плёткі, сябравалі „супраць мяне“. Маглі абвясьціць байкот, не размаўляць са мной, не хацелі сядзець са мной за адной партай. Спачатку я трываў, маўчаў. Потым мяне прарвала — я зразумеў, што трэба сябе абараняць», — кажа Раман.

У клясе цкавалі яшчэ адну дзяўчынку, у якой было своеасаблівае аблічча, дадае хлопец.

«У яе былі касыя вочы. Але яна была вельмі разумная, эрудаваная, прасунутая — пастаянна сядзела ў інтэрнэце, у сацыяльных сетках, вяла свой блог. Зь яе таксама зьдзекаваліся, але яна малайчына, трымалася непахісна — рабіла выгляд, што не заўважае, не зьвяртае ўвагі. З той дзяўчынкай у мяне былі нармальныя адносіны», — кажа Раман.

Гісторыя 2: «У мяне паехалі глузды, і я яе адлупцавала»

У Паліны праблемы ў школе ўзьніклі, калі яна пайшла ў новую 5-ю клясу. Яна добра вучылася, і яе сталі называцьі «зубрылкай». Цкавалі і яшчэ аднаго выдатніка. Ён быў неславянскага аблічча, і гэта таксама было падставай для кпінаў.

«Я тады захапілася „цяжкой музыкай“, апраналася ў чорнае адзеньне, па свайму густу. А яны ў „кросах“, джынсах, байках у стылі „гоп-гоп“, хоць гэта не дазвалялася, — апавядае Паліна. — Абражалі словамі, зьдзекаваліся, праўда, біць — ня білі, але штурхалі, тузалі».

Паліна кажа, што аднойчы ня вытрымала і першай ударыла крыўдніцу.

«Я даволі моцна яе адлупцавала — у дзяўчыны было страсеньне мозгу, — кажа Паліна. — І хоць быў скандал, нашы мамы здолелі неяк мірна дамовіцца, бо зразумелі, што мяне проста давялі, у мяне ўжо «глузды паехалі».

Пасьля гэтага Паліну ў клясе ўжо не чапалі.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гісторыя 3: «Ад настаўнікаў я атрымліваў шмат нэгатыву за тое, што ведаў больш за астатніх»

Арцём амаль усю школу правёў на хатнім навучаньні праз сурʼёзную хваробу нырак. Павучыцца «як усе» атрымалася толькі апошнія паўтара года. І гэта азначала пастаянныя канфлікты з аднаклясьнікамі.

«То яны зьедліва казалі: „Ты занадта разумны! А можа, ты яшчэ і хворы, калі не хадзіў у школу, заразіш нас якой хваробай“. Дэманстратыўна трымалі дыстанцыю. Прычым чуў я непрыемныя словы ня толькі ад аднаклясьнікаў, але і ад настаўніцы. Маўляў, „ты быў на хатнім навучаньні, павінен ведаць больш за іншых“. Не паверыце, ад настаўнікаў я атрымліваў шмат нэгатыву за тое, што ведаў больш за астатніх, — кажа Арцём. — Некаторыя настальгуюць па школе, а я — не. Школу ўзгадваю, як найцяжэйшы час у жыцьці. З 30 аднаклясьнікаў я нармальна кантактаваў з двума-трыма, з астатнімі — альбо ніяк, альбо канфліктаваў. Я ні разу ня быў ні на воднай сустрэчы з аднаклясьнікамі, нават ня ведаю, ці праводзяцца яны».

Гісторыя 4: «У школе ня любяць тых, хто вылучаецца»

Аляксандра пасьля чацьвёртай клясы са звычайнай школы паступіла ў прэстыжную гімназію, вытрымаўшы сурʼёзныя экзамэны.

«Я вучылася добра, на 9 і 10, і я быццам бы камунікабэльная, таварыская, кантактная.

Дзяўчаты чапіліся да зьнешняга выгляду: „У цябе сарафан шэры, ты шэрая мыш“. Таксама пастаянна былі дробныя шкоды, да прыкладу, на ўроку выяўленчага мастацтва мне наўмысна разьлівалі ваду з фарбамі на альбом.

Ад хлопчыкаў чула слоўныя абразы, дурацкія мянушкі. На пераменцы перакідваліся маім пэналам, дзе часта быў тэлефон. Ламалі ліноўкі, асадкі, штурхалі нагамі партфэль — гэта для іх проста „сьвятая справа“», — кажа Аляксандра.

Пэдагог: «Цкаваньне — форма ўзаемадзеяньня грамадзтва, якая ідзе зьверху»

Выкладчыца фізыкі, магістарка тэхнічных навук, аўтарка праекту «Чалавечая фізыка» Аксана Акуневіч перакананая, што ў Беларусі тое, што па-ангельску завецца bullying, — гэта праблема, якой грамадзтва проста не заўважае.

Аксана Акуневіч
Аксана Акуневіч

«Мне падаецца, што гэта такая форма ўзаемадзеяньня грамадзтва, якая ідзе зьверху. Калі кіраўнік дзяржавы кажа, што дзяцей можна біць, гэта азначае, што мы фіксуем дазвол на гвалт на самым высокім узроўні», — мяркуе пэдагог з 20-гадовым стажам Аксана Акуневіч.

Яна працуе з падлеткамі. І кажа, што ў яе самой «нулявая талерантнасьць» да цкаваньня, і тлумачыць, чаму.

«Бо я сама была хворай, я была сьведкай цкаваньня, і вельмі цяжка было аднойчы не саступіць, не пачаць цкаваць, бо чаму страшна быць сьведкам? Калі ты аднойчы пабачыш гэта і думаеш: „ага, калі я зараз не далучуся, наступнай магу быць я…“

Але пакуль мы будзем лічыць, што bullying — гэта норма і падлеткі так стасуюцца між сабой, мы нічога ня зьменім. Бо норму мяняць ня трэба», — кажа Аксана Акуневіч.

Больш за палову беларускіх школьнікаў кажуць пра цкаваньне з боку аднагодкаў і агрэсію з боку настаўнікаў

Дзьмітры Чарных
Дзьмітры Чарных

Супрацоўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Дзьмітры Чарных расказаў, што два гады таму да праваабаронцаў зьвярнулася Беларуская асацыяцыя клюбаў UNESCO з просьбай, каб беларускія юрысты распрацавалі альгарытм дзеяньняў бацькоў у сытуацыі цкаваньня — з гледзішча нацыянальнага заканадаўства.

«Мы глыбока не ўваходзілі у праблему, не дасьледавалі, а рыхтавалі толькі праўную частку — як дзейнічаць бацькам, законным прадстаўнікам, каб абараніць дзіця.

Дарэчы, тэрміну „цкаваньне“ (або „булінг“ — недакладная перадача ангельскага bullying) у беларускім заканадаўстве няма. Але пэўныя азначэньні ёсьць у Крымінальным і Адміністрацыйным кодэксах: фізычны гвалт, абразы, розныя формы і віды ціску на дзяцей, якая за іх адказнасьць наступае», — сказаў Дзьмітры Чарных.

Тамара Сідарэнка
Тамара Сідарэнка

Юрыстка БХК Тамара Сідарэнка кажа, што пакуль не пачала распрацоўваць «мэтадычку» для бацькоў, не ўяўляла маштабу гэтай схаванай праблемы, якую замоўчваюць.

«Я не знайшла ні сурʼёзных дасьледаваньняў псыхолягаў, пэдагогаў, праваахоўных органаў. Так, у заканадаўстве прадугледжана пэўная адказнасьць дзяцей з 14 і 16 гадоў, але не за цкаваньне, а за нанясеньне цялесных пашкоджаньняў, за абразы, паклёп. Трэба ставіць пытаньне рубам», — перакананая Тамара Сідарэнка.

Яна расказала пра адзіны дакумэнт, які ў сакавіку 2018 году прэзэнтавала Беларускае прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН — UNICEF. Гэта «Ацэнка сытуацыі з гвалтам у дачыненьні дзяцей у Рэспубліцы Беларусі» (PDF), які рыхтавалі Міністэрства адукацыі, Мінздароўя, МУС, адміністрацыі школаў.

Як вынікае з дакумэнту, пра цкаваньне з боку аднагодкаў і старэйшых дзяцей заявілі 53,3% навучэнцаў інтэрнатных установаў; 60,1% вучняў школ і гімназіяў. Агрэсію з боку адміністрацыі, настаўнікаў адзначылі 26,7% вучняў інтэрнатных установаў, 8,6% вучняў школ і гімназіяў.

Іна Студзінская, Радыё Свабода