Метадычныя трэнды

Больш за 300 настаўнікаў з розных куткоў Беларусі, 15 экспертных сесій, 18 настаўніцкіх майстар-класаў і прэзентацый, 60 удзельнікаў постарнай сесіі, незлічоная колькасць ідэй, неверагодная атмасфера яднання і ўзаемападтрымкі. Усё гэта ЕdCamp-2020 — нефармальны педагагічны форум, які ладзіцца для беларускіх педагогаў чацвёрты раз у сталічным клубе “Імагуру”.

ЕdCamp (Education Camp) — міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася сярод настаўнікаў ЗША і набыла папулярнасць ва ўсім свеце. Беларусь у 2017 годзе стала 26-й краінай свету, на якую распаўсюдзіўся EdCamp. За 10 гадоў EdCamp-рух падтрымалі ў 50 краінах, з якіх пяць знахо­дзяцца на постсавецкай прасторы: акрамя нас, далучыліся Украіна, Грузія, Малдова і Арме­нія.

Асаблівасць нефармальнай педагагічнай (не)канферэнцыі ў тым, што арганізатары ладзяць шэраг дыскусій і майстар-класаў ад беларускіх і замежных экспертаў, але асноўны змест мерапрыемства прапануюць і вызначаюць самі ўдзель­нікі, галасуючы за найбольш упадабаныя тэмы з прапанаваных калегамі. Палова праграмы традыцыйна фарміруецца па ходзе мерапрыемства пасля вядомага “Кірмашу ідэй” (яркія хвілінныя выступленні-рэкламы настаўнікаў пра свае майстар-класы). Пасля такіх выступленняў адбываецца галасаванне, па выніках якога пераможцы атрымліваюць аўды­торыю і 45 мінут для дэманстрацыі свайго вопыту.

Дарэчы, на EdCamp усе могуць быць і спікерамі, і слухачамі. Можна прапанаваць сваю педагагічную ідэю, агучыць праблему і шляхі яе вырашэння зыходзячы з уласнага вопыту, правесці майстар-клас, а можна проста прагаласаваць за тое, што хочаш пачуць. У выніку паралельна на розных пляцоўках праходзяць адразу пяць майстар-класаў. Ёсць і так званы эфект доўгага хваста, калі пасля EdCamp абмеркаванне сучасных адукацыйных тэндэнцый працягваецца ўжо непасрэдна ва ўстановах адукацыі. Ідэі ўкараняюцца і ўвасабляюцца на штодзённых вучэбных занятках.

Традыцыйна (не)канферэнцыя пачынаецца з экспертнай сесіі. Сёлета ў цэнтры ўвагі яе ўдзельнікаў былі дзве актуальныя для сістэмы адукацыі падзеі за апошні час — аналіз вынікаў PІSA і арганізацыя настаўнікамі дыстанцыйнага навучання ў чац­вёртай вучэбнай чвэрці мінулага навучальнага года. Дыстанцыйнае навучанне многіх прымусіла пераасэнсаваць сваю педагагічную дзейнасць, але ўсе прыйшлі да высновы, што якасць дыстанцыйнага навучання магчыма толькі пры арганізацыі зваротнай сувязі з вучнямі. Як заўважыла настаўніца фізікі гімназіі № 1 Бабруйска Таццяна Багдановіч, і эмацыянальна, і тэхнічна з неабходнасцю працаваць на адлегласці найперш дапамагла справіцца калабарацыя настаўнікаў краіны. Педагагічная грамадскасць змагла аб’яднацца, каб дзяліцца сваімі вопытам і рэсурсамі для арганізацыі зваротнай сувязі з вучнямі.


Пасля “Кірмашу ідэй” я таксама прагаласавала нагамі і трапіла на два майстар-класы. Настаўнік гісторыі Ушацкай сярэдняй школы Уладзімір Хамёнак прапанаваў павучыцца канструяваць вобразы і падзеі мінулага (для павышэння ўзроўню пазнавальнай актыўнасці на ўроках гісторыі). На прапанову адгукнуліся шматлікія калегі, прычым настаўнікі не толькі гісторыі.

“У пачатку навучальнага года, для таго каб зацікавіць прадметам пяцікласнікаў, карыстаюся аўтарскім метадам “Гістарычны яблык”. Сутнасць яго заключаецца ў тым, што дзецям задаецца пытанне: “А ці зможа ўся сусветная гісторыя змясціцца ў адным яблыку?”. Адказ на пытанне з майго боку сцвярджальны. А перад дзецьмі выбудоўваецца просты мнеманічны рад, які тут жа і тлумачыцца: яблык Евы, анатамічны яблык Адама, эстэтычны яблык Парыса, дэструктыўны яблык Вільгельма Тэля, гравітацыйны яблык Ньютана, структурны яблык Сезана, IT-яблык Стыва Джобса. Такім чынам, на цалкам візуальным прадмеце прадстаўлена ўся сусветная гісторыя, што спрыяе запамінанню перыядызацыі.

Прыём асацыятыўнага рада, у адрозненне ад мнеманічнага, мае менш шырокія функцыі: прыём прадугледжвае пераход ад канкрэтнага аб’екта да абстрактнага. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы па гісторыі Беларусі ў 7 класе “Паўстанне 1794 года”. Першапачаткова ўводжу шэраг асацыяцый з мэтай фарміравання аднаго вобраза. Для гэтага выкары­стоўваю карцінкі Эйфелевай вежы, кенгуру, сэрца, амерыканскага долара, жанчыны і прашу вучняў назваць тое, што яны бачаць, і іх асацыяцыі з гэтымі прадметамі. Напрыклад: сэрца — гэта каханне; кенгуру — Аўстралія; долар — Амерыка; вежа — духі, каханне, Францыя; жанчына — радзіма. Па размяшчэнні малюнкаў дзеці запамінаюць этапы жыцця гістарычнай асобы.

Але варыянты актывізацыі творчага ўзроў­ню пазнавальнай актыўнасці з дапамогай гэтага прыёму не выключаюцца. Напрыклад, я стаўлю пытанне: “Што з вышэйпералічанага з’яўляецца вызначальным у жыцці знакамітага земляка?” ці “Якія матывы былі ў Тадэвуша Касцюшкі?”.

Уладзімір Хамёнак.

Метад мультысенсорнага ўспрымання Ульрыха Маера прапануе алгарытм, які я выкарыстоўваю ў рабоце з навучэнцамі: вобраз — слова — дзеянне. Адзінства тэксту і вобраза разглядаецца як аснова для стварэння кагнітыўных (пазнавальных) структур у навучанні. Метад мультысенсорнага ўспры­мання карціны ўключае ў сябе адказы на пытанні. Задача навучэнцаў — паслядоўна на іх адказаць. Важна не парушаць паслядоўнасць, бо ў адваротным выпадку ламаецца логіка і ход падзеі. Важная роля тут адводзіцца падбору заданняў, якія вучні выконваюць на працягу ўрока, развіваючы вучэбныя ўменні, павышаючы ўзровень сваёй пазнавальнай актыўнасці, фарміруючы суб’ектную пазіцыю.

На ўроку гісторыі ў 6 класе “Еўропа ў V—IX стагоддзях” прапаную мультысенсорнае ўспрыманне карціны Джозэфа Нуэля Сільвестра “Узяцце Рыма вандаламі”. Вучні адказваюць на пытанні, ствараючы вобраз падзеі мінулага.

Падчас работы над фарміраваннем вобразаў мінулага ў класе ўзнікае атмасфера інтэрактыўнай пазнавальнай дзейнасці. У гэтых умовах нават няўважлівы навучэнец становіцца ўважлівым. Псіхалагічныя асаблівасці ўздзеяння на навучэнцаў (здольнасць кіраваць увагай кожнага навучэнца і групавой аўдыторыяй, уплываць на аб’ём даўгачаснай памяці і павелічэнне трываласці запамінання, аказваць эмацыянальнае ўздзеянне на навучэнцаў і павышаць матывацыю навучання) спрыяюць інтэнсіфікацыі адукацыйнага працэсу.

Такім чынам, кожны навучэнец з улікам яго персанальных схільнасцей або звычак можа засвоіць матэрыял, які выкладаецца, не шляхам завучвання на памяць, а шляхам фіксацыі ў падсвядомасці пэўных вобразаў”, — падзяліўся Ула­дзімір Хамёнак.

Іна Плешавеня.

Вельмі цікавым і інтэрактыўным стаў майстар-клас настаўніцы англійскай мовы сярэдняй школы № 1 Пастаў Іны Плешавені “Усё не тое, чым здаецца, або Як стварыць каманду з дапамогай кнігі без слоў”. За яго на “Кірмашы ідэй” таксама прагаласавала шмат педагогаў. Навыкі камандаўтварэння па-ранейшаму застаюцца аднымі з самых запатрабаваных.

Існуе выдатная кніга “Zoom” амерыканскага мастака ўгорскага паходжання Іштвана Баньі — комікс, у якім кожны наступны фрэйм уключае ў сябе папярэдні, такім чынам глядач увесь час адсоўваецца ад першаснай сцэны, па дарозе разумеючы, што максімальны зум (павелічэнне) быў у самым пачатку. Гэтая кніга малюнкаў актыўна выкарыстоўваецца ў тымбілдынгу, што і прадэманстравала Іна Плешавеня.

Практыкаванне прызначана для невялікіх па складзе каманд. Для яго выканання патрэбна кніга “Zoom”. Кніга складаецца з 30 малюнкаў у малюнку, выкладзеных матрошкай, якія разам складаюць адзіны сюжэт. Трэба раздаць па адным малюнку кожнаму ўдзельніку ў той паслядоўнасці, у якой гэтыя карцінкі размешчаны ў кнізе.

Правілы гэтага практыкавання: кожны ўдзельнік можа бачыць толькі сваю карцінку і не павінен паказваць яе іншым удзельнікам. Усім даецца час для вывучэння сваіх малюнкаў, паколькі кожны з іх змяшчае пэўную інфармацыю, карыстаючыся якой удзельнікі могуць выканаць заданне — сабраць карцінкі ў лагічным парадку. Мэта практыкавання заключаецца ў тым, каб размясціць усе карцінкі ў правільнай паслядоўнасці, не падглядаючы іх адно ў аднаго. Удзельнікі могуць мець зносіны паміж сабой і абмяркоўваць змест сваіх малюнкаў.

 Гэтае практыкаванне дапамагае сфарміраваць з групы ўдзельнікаў калектыў аднадумцаў і наладзіць паміж імі ўзаемадзеянне з мэтай вырашэння агульнай задачы. Акрамя таго, яно дае магчымасць патэнцыяльным лідарам праявіць свае якасці і ўзяць пад свой кантроль працэс вырашэння такой задачы. Магчымы варыянт: можна намаляваць уласныя карцінкі ў адпаведнасці з колькасцю ўдзельнікаў і патрабаваным узроўнем складанасці.

Кнігу і практыкаванне Іна Плешавеня выкарыстоўвае для аб’яднання класнага калектыву і каб пазбегнуць у ім булінгу. Акрамя таго, яна можа быць карыснай і для сторытэлінгу, медыяадукацыі.

Акрамя гэтага, настаўнікі гатовы былі дзяліцца з калегамі тым, як фарміра­ваць медыяпісьменнасць, не нашко­дзіўшы зместу ўрока, як выкарыстоўваць адукацыйны блог для змешанага і дыстанцыйнага навучання, асновамі геймдызайну і стварэння гульняў, прыёмамі развіцця крытычнага мыслення на ўроках англійскай мовы, візуалізацыі на ўроках геаграфіі, вопытам арганізацыі дыстанцыйнага навучання ва ўмовах пандэміі, выкарыстання ў адукацыі чат-ботаў, камандаўтварэння праз прызму EduScrum і многімі іншымі сваімі знаходкамі.


Йіржы Бенеш.

Педагагічная (не)канферэнцыя праходзіла як у рэжыме афлайн, так і анлайн. Многія замежныя эксперты ладзілі відэатрансляцыі, але некаторыя, нягледзячы на пандэмію каранавіруса, усё ж прыехалі. Як настаўнік з Чэхіі Йіржы Бенеш, які расказваў пра вывучэнне ў школах сваёй краіны медыяадукацыі. Педагог (працуе ў адной са школ Прагі) задаўся пытаннем: “Медыяадукацыя — гэта асобны прадмет або гэта скразная тэма, якую можна вывучаць на ўсіх прадметах?”.

І тут жа даў адказ: “Калі медыяадукацыя будзе ўспрымацца як асобны прадмет, то настаўнікам стане прасцей, а вучням — складаней. Калі ж медыяадукацыя будзе вывучацца скразной тэмай праз усе прадметы, то тут ужо настаўніку будзе няпроста, а вучню, наадварот, — лёгка”. У школах Чэхіі медыяадукацыя вывучаецца праз прадметы, а не асобна. У некаторых навучальных установах яна з’яўляецца абавязковым прадметам. Усё залежыць ад настаўнікаў. Тыя, хто лічыць медыяадукацыю патрэбнай для школьнікаў, пачынаюць яе вывучаць з малодшымі школьнікамі на такіх прадметах, як чэшская мова, чалавек і свет, геаграфія, музыка, мастацтва.

Напрыклад, у школе Враціславова (раён Прагі) найперш лічаць неабходным забяспечыць вучняў базавым узроўнем медыяпісьменнасці. Дзецям тлумачаць функцыянаванне і ролю сучасных медыя, прывіваюць навыкі ацэньвання праўдападобнасці прапанаваных паведамленняў, тлумачаць іх камунікатыўныя мэты, вучаць параўноўваць інфармацыю. Дзеці вучацца разбіраць медыямалюнкі, развіваюць навыкі інтэрпрэтацыі фактаў з розных пунктаў гледжання.

На практыцы яны параўноўваюць, напрыклад, змест кнігі і мастацкага фільма, знятага па гэтай кнізе. Вучацца перадаваць інфармацыю, прыдумваць сваю канцоўку пэўнай гісторыі (тэксту). У 3 класе чэшскія школьнікі вучацца выкарыстоўваць інфармацыю для стварэння ўласнага комікса, пішуць дыктоўкі на айпадах, сочаць за спартыўнымі спаборніцтвамі (алімпіядамі), каб, напрыклад, пасля расказаць пра поспехі чэшскай каманды ў пэўным відзе спорту.

Чацвёртакласнікаў вучаць ствараць прэзентацыі, рабіць трэйлеры да фільмаў, пісаць рэфераты або прапануюць перапісаць казку пра Чырвоную Шапачку: прыдумаць аповед ад імя кожнага персанажа казкі. У 5 класе дзеці вывучаюць інфарматыку, ствараюць свой е-mail, таму актуальнымі становяцца веды пра бяспеку ў інтэрнэце, інфармацыйны ўплыў, плагіят. Вучні ствараюць прэзентацыі на заказ, параўноў­ваюць розныя тэксты на адну і тую ж тэму.

Для шасцікласнікаў медыязаданні ўскла­дняюцца. Напрыклад, што аб’ядноўвае Біблію, Толкіена, эпас пра Гільгамеша і Эду? Адказ: міфы пра стварэнне свету. Сямікласнікам прапануюць, скажам, намаляваць вікінга і патлумачыць пасыл сваіх малюнкаў. А васьмікласнікі робяць аналіз медыяпаведамленняў і газетных артыкулаў.

“Школьнікі павінны вучыцца ўспрымаць інфармацыю, што дапаможа ім у далейшым жыцці. Яны павінны навучыцца не проста чытаць, а крытычна ўспрымаць прачытанае, параўноўваць яго з уласным пачуццёвым вопытам. Медыяадукацыя вучыць дыскутаваць, слухаць і чуць іншых. Акрамя таго, яна можа дапамагчы ўцягнуць дзяцей у адукацыю”, — падсумаваў Йіржы Бенеш.


Другая палова (не)канферэнцыі — постарныя сесіі, падчас якіх удзельнікі адначасова пашыраюць свае прафесіянальныя гарызонты і кола знаёмстваў. Постарную сесію можна шырока выкарыстоўваць у навучальных установах падчас розных мерапрыемстваў — ад педсавета і тэматычных тыдняў да навукова-практычных канферэнцый. У гэтым годзе педагогі прапанавалі шмат цікавых і актуальных тэм, якім мы хацелі б прысвяціць асобныя артыкулы ў нашай газеце. У сувязі з гэтым усіх ахвочых запрашаем да супрацоўніцтва.

Вольга ДУБОЎСКАЯ, Настаўніцкая газэта
Фота прадастаўлена арганізатарамі.

  • 1