EdCamp Belarus-2018 адбудзецца ў кастрычніку. Пачынаем падрыхтоўку!

Шаноўныя сябры! Другая нацыянальная неканферэнцыя EdCamp Belarus адбудзецца 13-14 кастрычніка 2018 г. у Мінску. Настаўнікам  вельмі важна, каб менавіта беларусы зрабілі свой унёсак у паляпшэнне адукацыі сваёй краіны. Запрашаем  партнёраў і спонсараў далучацца да арганізацыі і падтрымкі гэтай падзеі праз сайт http://edcamp.by. Кантактная асоба Яўген Пугач:  [email protected]

Што такое EdCamp і навошта ён патрэбны Беларусі.

Эканамічнае развіццё і багацце краіны сёння вызначае адукацыя, а не вуглевадароды. Таму разумныя краіны стараюцца інвеставаць у чалавечы капітал, знайсці шляхі, як зрабіць сваю сістэму адукацыі канкурэнтнай, адпаведнай часу і патрэбам эканомікі і грамадства.  Менавіта гэтым мэтам і служыць EdCamp.

Вядома, што шлях да лепшага асвятляюць зоркі. Асабліва ў цёмныя часы. Таму асноўная задача EdCamp-у – сабраць разам гэтых “зорак”, каб яны абмяняліся досведам, падзяліліся напрацоўкамі, падыскутавалі, і тады стане больш ясна, як і куды рухацца адукацыі.

Калі каротка, EdCamp – гэта фармат адукацыйнага мерапрыемства для абмену ідэямі, як зрабіць адукацыю адпаведнай патрэбам людзей і рынку працы. Такі фармат назвалі неканферэнцыяй, бо праграма загадзя не складаецца, яе вызначаюць усе ўдзельнікі.  Напачатку мерапрыемства адбываецца рынак ідэй, і самыя цікавыя, па меркаванні ўдзельнікаў, атрымліваюць пляцоўкі для прэзентацыі.

Удзельнікам EdCamp-у можа стаць кожны, хто мае жаданне. Усе рэгаліі, пасады і іншыя заслугі застаюцца па-за фарматам неканферэнцыі. Правіла “дзвюх ног” вызначае найбольш актуальныя тэмы: удзельнікі вольна перамяшчаюцца паміж пляцоўкамі, дзе адбываюцца майстар-класы, даклады, трэнінгі, прэзентацыі, абмеркаванні… Увесь матэрыял прадстаўляецца самімі ўдзельнікамі і выкладаецца ў вольны доступ.

Пешы EdCamp арганізавалі настаўнікі  з Філадэльфіі ў 2010 годзе. Яны падзяліліся вынікамі з калегамі, і з часам узнікла цэлая міжнародная сетка неканферэнцый. Ідэя стала мэйнстрымам. З таго часу прайшло больш за 1500 эдкэмпаў ў 36 краінах.  У 2017 годзе да міжнароднай сеткі EdCamp далучылася Беларусь.

Вынікі першай беларускай неканферэнцыі EdCamp Belarus-2017.

Першая нацыянальная неканферэнцыя EdCamp Belarus -2017. 

Першы беларускі EdCamp сабраў 80 удзельнікаў і доўжыўся 1 дзень. На доўгую і ўрачыстую цырымонію, як гэта робяць украінцы, не было часу і сродкаў – замест яе была сесія HR-аў. Падаецца, гэта была адна з найважнейшых сесій, дзе мэнэджары па кадрах розных кампаній распавялі настаўнікам, якія якасці і кампетэнцыі патрэбны выпускнікам, каб знайсці добрую працу і быць задаволенымі ёй. І менавіта да гэтай інфармацыі звярталіся потым амаль усе выступоўцы на сваіх пляцоўках: вакол тэмы фармавання ключавых кампетэнцый і soft skills круціліся ўсе астатнія дыскусіі і майстар-класы.  

Cесія HR-аў беларускага бізнесу. 

Усяго ж настаўнікі прывезлі 36 прэзентацый ідэй, аднак адабралі толькі 8, за якія было пададзена больш галасоў. 

Потым аказалася, што, магчыма, адабралі не самыя важныя. Тут кулуары адразу напоўніліся настаўніцкімі высновамі. “Вось як мы можам навучыць дзяцей рабіць адказны і ўдалы выбар, калі самі не змаглі яго зрабіць?” – шумелі ў адным кутку.
У другім абмяркоўвалі, чаму найлепшыя ідэі не патрапілі ў лік адабраных васьмі: “Добрая ідэя – палова справы. Трэба ўмець яе прадаць! Вось таму нас, настаўнікаў, і не цэняць, што мы не можам грамадству данесці важнасці нашай працы. Будзем вучыцца!”

Былі трэнінгі і сесіі-дыскусіі, моладзь прэзентавала свой праект – канцэпцыю “Настаўнік для Беларусі”. І настаўнікі, дырэктары школ, метадысты не пярэчылі, а стараліся дапамагчы, каб маладыя энтузіясты не патрапілі ў заканадаўчую пастку, каб ведалі, куды звярнуцца па метадычную дапамогу.

Большасць прэзентацый удалося запісаць і выкласці плэй-ліст у сацсеткі.  Ідэі, выказаныя на сесіях і майстар-класах, маюць эфект “доўгага хваста” – жывуць і абмяркоўваюцца пасля EdCamp-у.  

Удзельнікі EdCamp Belarus-2017

Спадабаўся настаўнікам і фармат неканферэнцыі: адкрытая пляцоўка, удзельнікі якой самастойна вызначаюць ход мерапрыемства, дзе кожны можа стаць спікерам, дзе кожная ідэя будзе пачутая. І добрая справа пайшла гуляць па краіне: у фармаце неканферэнцый пачалі праводзіцца раней нудныя афіцыйныя мерапрыемствы.

Nastaunik.info