Што такое Эдкэмп

Непадобна да традыцыйных канферэнцый, дзе арганізатары складаюць праграму і ўдзельнікам не застаецца выбару, як прытрымлівацца яе, Эдкэмп (ад ангельскага EdCamp) дазваляе самім удзельнікам прапаноўваць і выбіраць тэмы. Арганізатары ладзяць шэраг дыскусій і майстаркласаў ад беларускіх і замежных экспертаў, але большасць зместу мерапрыемства прапануюць і вызначаюць самі ўдзельнікі, галасуючы за найбольш упадабаныя тэмы з прапанаваных калегамі.

Першая канферэнцыя для настаўнiкаў у фармаце EdCamp была праведзеная ў 2010 годзе ў ЗША. У 2017-ым годзе мы зрабілі Беларусь 26-ай краінай свету, на якую пашырылася эдкэмп-супольнасць.

Ідэя руху EdCamp Belarus – стварэнне кам’юніці настаўнікаў Беларусі, дзе настаўнікі-аднадумцы ў нефармальнай атмасферы дзеляцца дасведам, генеруюць ідэі аб тым як палепшыць адукацыю ў школе, а таксама вывучаюць досвед замежных калег. Мы хочам каб гэты рух ахапіў не толькі буйныя гарады, але і кожную вёску, дзе настаўніку з-за аддаленасці ад вялікіх гарадоў складаней атрымаць доступ да інфармацыі, складаней злавіць трэнды і патрабаванні якія прад’яўляюцца да адукацыі і вучняў сучасным светам.

Наш дэвіз – Лепшыя практыкі ў кожным класе краіны. 

Прынцыпы EdCamp

  • Удзельнікі не плацяць за ўваход.

Гэта дазваляе гарантаваць, што розныя настаўнікі – як з гарадоў, так і з вёсак, з вялікім досведам, і толькі пачынаючыя выкладаць у школе – могуць прыняць узел.

  • Дэмакратычнасць.

EdCamp праводзіцца для ўзаеманавучання ў дэмакратычным асяроддзі. Настаўнікі маюць магчымасць выказваць свае думкі, дыскутаваць і адстойваць свае погляды.

  • Праграма вызначаецца ў першы дзень правядзення.

Раніцай першага дня тэмы вызначаюцца пасля “Кірмашу ідэй”, на якім усе жадаючыя могуць прапанаваць свой майстар-класс ці прэзентацыю ўдзельнікам. За кошт гэтага, план (не)канферэнцыі максімальна адпавядае патрэбам удзельнікаў.

  • Кожны можа стаць спікерам.

Калі вы прымаеце ўдзел у EdCamp, вы маеце магчымасць выступіць. Усё, каму неабыякава тое як развіваецца адукацыя ў Беларусі, могуць падзяліцца сваім досведам і сваімі ідэямі ў атмасферы, якая аб’ядноўвае

  • Закон “дзвюх ног”.

Удзельнікі самі вызначаюць, які майстар-клас яны наведаюць. Гэта забяспечвае эфектыўны спосаб “адсеву” тых майстар-класаў, якія не актуальныя для настаўнікаў, ці тых, якія былі прэзентаваныя ў нецікавай форме.

  • Эфект “доўгага хваста”.

Працяг абмеркавання, дзейнасці, выпрацоўкі ідэй ужо пасля заканчэнне сумесных дзеянняў на працягу навучальнага года. Назапашаныя матэрыялы і відэазапісы ўсіх ЭдКэмпаў даступны ў сеціве, і ўдзельнікі могуць праглядаць і самаадукоўвацца ў любы вольны час.

Слоўнік EdCamp Belarus

Кірмаш ідэй: Мы марым аб тым, каб кожны настаўнік на (не)канферэнцыі быў пачуты, але  абмежаванасці па часе і рэсурсах не дазваляюць  прадставіць усім  залу і час для паўнавартаснай прэзентацыі сваіх прафесійных напрацовак, таму ў першы дзень ЭдКэмпу праводзіцца асобная сесія пад назвай “Кірмаш ідэй”.  Гэта сесія кожнаму ўдзельніку дае магчымасць за кароткі тэрмін ( да 1,5 хв.) словамі/танцамі/спевамі прэзентаваць тэму і сутнасць свайго выступу. Пасля прэзентацый удзельнікаў “Кірмаша ідэй” адбываецца галасаванне. У выніку галасавання спікеры з заяўленымі тэмамі, якія набралі найбольшую колькасць галасоў, будуць размеркаваны па часе і залах для выступаў. Такім чынам будуць сфарміраваны “Настаўніцкія сесіі”.

Настаўніцкая сесія: самая вялікая каштоўнасць ЭдКэмпу – гэта жывыя выступы настаўнікаў і прэзентацыя аўтарскіх ці ўласнаадаптаваных методык і напрацовак. Адначасова ў 5-ці залах адабраныя настаўнікі будуць весці ўласныя майстар-класы, лекцыі, адкрытыя ўрокі і інш. Кожная зала абсталявана экранам, праектарам, камп’ютарам з доступам у інтэрнэт, калонкамі, фліпчартам і канцтаварамі.

Экспертная сесія: у кожным ЭдКэмпе таксама ўдзельнічаюць беларускія і замежныя эксперты, якія прэзентуюць сучасныя методыкі, тэхналогіі, дзеляцца замежным досведам. Гэта адкрыты фармат зносін з экспертамі і магчымасць атрымаць індывідуальную кансультацыю. У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі сесіі атрымаюць адказы на найбольш распаўсюджаныя пытанні, а некаторыя змогуць задаць свае пытанні асабіста. Выступы замежных экспертаў суправаджаюцца сінхронным альбо паслядоўным перакладам.

Галасуй нагамі: унікальнасць мерапрыемства заключаецца ў тым, што ўдзельнікі самастойна вызначаюць праграму і ход мерапрыемства. Выступы настаўнікаў і запрошаных экспертаў адбываюцца ў 5 залах адначасова. Кожны ўдзельнік можа перасоўвацца паміж заламі і затрымалівацца там, дзе яму найбольш цікава, на любы час. Усе выступы будуць запісаны на відэа і апублікаваны на канале YouTube. Затрымліваючыся ў нейкага спікера, Вы можаце не турбавацца, што прапусціце нешта важнае і цікавае. У Вас будзе магчымасць прагледзець відэаматэрыялы ў зручны час.

Кожны можа стаць спікерам: кожны ўдзельнік можа стаць спікерам (не)канферэнцыі і падзяліцца сваім досведам і ўласнымі напрацоўкамі. Дзеля гэтага вам трэба:

а) мець жаданне;

б) быць гатовым прыняць удзел у кірмашы ідэй і прэзентаваць тэму і сутнасць свайго выступу перад усімі ўдзельнікамі.

Постарная сесія: альбо міні-выстава. Гэта графічнае/візуальнае прадстаўленне сваіх напрацовак. У адрозненні ад настаўніцкай сесіі, у постарнай сесіі прыняць удзел можа абсалютна кожны! Больш за тое, можна адначасова ўдзельнічаць і ў настаўніцкай сесіі, і ў постарнай. Вы можаце заявіцца з той самай тэмай, альбо абраць іншую, што дазволіць Вам больш шырока дэманстраваць свой досвед. Для постарнай сесіі трэба прывезці загадзя падрыхтаваныя і раздрукаваныя постары, афішы, наглядныя матэрыялы і інш. Галоўнае, каб матэрыялы ўтрымлівалі максімум графікаў, фатаграфій, дыяграм і мінімум тэксту.

Магчымасці для настаўнікаў: ЭдКэмп дапамагае знайсці аднадумцаў, калег, якія змогуць прасоўваць Вашу ідэю ў сваіх школах і рэгіёнах. Апроч настаўнікаў у ЭдКэмпе прымаюць удзел прадстаўнікі бізнэсу, фондаў і некамерцыйных арганізацый. Яны будуць дзяліцца актуальнай для настаўнікаў інфармацыяй пра бясплатныя конкурсы, стажыроўкі, адукацыйныя курсы ў Мінску і ў рэгіёнах.

Нэтворкінг: Калі афіцыйна, то нэтворкінг (з англ. networking “карысныя сувязі”) – гэта сацыяльная і прафесійная дзейнасць, накіраваная на тое, каб з дапамогай кола сяброў і знаёмых, якія працуюць або якія маюць сувязі ў той ці іншай сферы, максімальна хутка і эфектыўна вырашаць складаныя жыццёвыя задачы і прафесійныя пытанні.

Каб спрасціць і зрабіць працэс наладжвання прафесійных сувязяў падчас ЭдКэмпу больш нефармальным і зручным – усе ўдзельнікі запрошаны на святочную вячэру і канцэртную праграму са спевамі і танцамі.

Эфект доўгага хваста: працяг абмеркавання, дзейнасці, выпрацоўкі ідэй ужо пасля заканчэнне сумесных дзеянняў на працягу навучальнага года.

Назапашаныя матэрыялы і відэазапісы ўсіх ЭдКэмпаў даступны ў сеціве, і вы зможаце праглядаць і самаадукоўвацца ў любы вольны час.

Міні-ЭдКэмп: кожны ўдзельнік Нацыянальнага ЭдКэмпа можа стаць суарганізатарам уласнай (не)канферэнцыі ў сваёй школе. Дзеля гэтага неабходна запоўніць адмысловую заяўку, апісаць сваю матывацыю, дамовіцца з дырэкцыяй і быць гатовым запрасіць настаўнікаў з суседніх школ. Найбольш заматываваныя атрымаюць магчымасць афіцыйна прыняць фармат ЭдКэмп у сваёй школе. Арганізатары  прывязуць экспертаў з іншых школ, падрыхтуюць раздатку для кожнага ўдзельніка і не забудуць пра харчаванне.